Фонду "Шанс" 11 лет!
Казка пра дапытлівага зайку
Каляндар васьмёркай свеціць,
Сакавік, жаночы дзень.
Зранку выбег зайка з хаты,
І хутчэй туды, дзе пень.
У цяньку цюльпанчык вырас.
Зай сказаў сабе пад нос:
“Маме занясу, бо потым
Можа з’есці дзядзька Лось”.
Падарыў і кажа маме:
“Бачыш, плача снегавік!
Значыцца, вясна ўжо з намі,
Раз пачаўся сакавік.
Потым прыйдзе новы месяц –
Красавік. За ім жа - май.
Дык чаму ж такія назвы?”-
Запытаўся ў мамы зай.
“Сакавік завецца гэтак,
Бо багаты ён на сок.
Скора пойдзем пад бярозу
І паставім там збанок.
“Красавік люблю я, сынку.
Ён цвіце і ўноч, і ўдзень!
Будзе ўсё ў вясновых фарбах,
Зацвітае, кажуць, пень!
Краскамі завуцца кветкі.
Гэтага не забывай…”
“Дзякуй, мама, - кажа зайчык.
- А цяпер скажы пра май”.
Усміхнулася зайчыха:
“Ты ў бабулі лепш спытай”.
Задуменна пастаяла
Баба Руся ля пліты:
“Быў у нас калісьці травень,
Пра яго паслухай ты!
То прыдумалі ўжо потым
Нейкі іншамоўны май…
Падагрэю ўсім гарбаты,
Ты ж цукеркі пашукай!..
Вось што: вырасце у траўні
Маладзенькая трава,
Ад салодкай зеляніны
Пойдзе кругам галава!..”
Кажа ўнук бабулі Русі:
“Дзякуй, мілая мая!”
… Хутка ў хаце ўсе збяруцца,
Паабедае сям’я.
Сядзее дружна род заечы
За бабуліным сталом,
Каб шчасліва піць гарбату,
Заядаючы блінком.