Дзякуй усім за дапамогу Максіму! «Астравецкая праўда»

Спяшаемся падзяліцца радаснай навіной — спадзяемся, яна стала такой не толькі для Максіма Савельева, яго родных і блізкіх, але і для соцень людзей, якія не засталіся абыякавымі да бяды, якая напаткала гэтага дзевяцігадовага хлопчыка: з дапамогай добрых людзей з усёй рэспублікі фонд “Шанс” сабраў 27 тысяч еўра для набыцця неабходнага імплантанта. Складаны прыбор ужо выраблены ў спецыяльнай фірме за мяжой і прыбыў у Беларусь.

Цяпер хлопчык рыхтуецца да аперацыі, якая, як спадзяюцца ўсе, хто прыняў удзел у зборы сродкаў, верне дзіцяці слых і дазволіць яму быць такім, як усе: хадзіць у звычайную школу, размаўляць з сябрамі, слухаць музыку, пачуць спевы жаўранка і шолах асенняга лісця пад нагамі — такія простыя моманты чалавечага шчасця, якія не заўважаюцца, здаюцца такімі звычайнымі, калі яны ёсць…

— Я вас вельмі прашу: падзякуйце праз газету ўсім людзям, хто ахвяраваў грошы для лячэння Максіма, — з гэтай просьбай прыйшла ў рэдакцыю мама Максіма, маладая і прыгожая Алена Уладзіміраўна Савельева, якая вось ужо шэсць гадоў, калі сыну быў пастаўлены цяжкі дыягназ, гайдаючыся, як на арэлях, ад адчаю да надзеі, мужна змагаецца са сваёй бядой.

 — Увогуле мы не хацелі звяртацца за дапамогай: хапае ў людзей і сваіх бедаў, — працягвае жанчына. — Але сыну станавілася ўсё горш, перыядычнае знікненне слыху пацягнула за сабой іншыя праблемы… А тут урачы прапанавалі аперацыю, якая можа вярнуць яго да нармальнага жыцця — толькі трэба набыць спецыяльны дорагакаштуючы імпартны імплантант. 27 тысяч еўра — непад’ёмная сума для большасці беларускіх сем’яў, мы — не выключэнне. Тады і рашыліся звярнуцца ў дабрачынны фонд “Шанс”, які дапамог ужо многім дзецям вярнуць здароўе… Там з разуменнем паставіліся да нашай бяды і аб’явілі збор сродкаў для набыцця імплантанта. Скажу шчыра: я нават не чакала, што людзі так актыўна адгукнуцца, з такім разуменнем успрымуць нашу бяду — як сваю ўласную.

Сёння ў кожнага хапае ўласных праблем… І тым больш я ўдзячна — усім і кожнаму, хто адгукнуўся на заклік фонду і вашай газеты аб дапамозе — сама я б не рашылася звярнуцца з такой просьбай да землякоў. Хачу падзякаваць і жыхарам нашага раёна, і тым зусім незнаёмым людзям з усіх куточкаў Беларусі, якія пералічвалі сродкі на дабрачынны рахунак. Калі б магла, кожнаму пакланілася б у ногі і сказала б персанальнае “дзякуй”. Але, напэўна, гэта проста немагчыма… Зрабіце гэта ад майго імя, падзякуйце хоць бы жыхароў нашага раёна.

Так, Алена, персанальна падзякаваць кожнага немагчыма — нават нам, газеце. Бо часам і мы ў рэдакцыі, займаючыся зборам сродкаў, не ведалі дакладна, ад каго паступілі грошы: людзі прыносілі сумы, часам вельмі значныя, і прасілі не называць іх імёны і прозвішчы. Ды і тыя ахвяраванні, што паступалі ад калектываў, былі па сутнасці ананімнымі.

Значныя ахвяраванні паступілі ад працоўных калектываў: 8 мільёнаў 560 тысяч рублёў сабралі для лячэння Максіма працаўнікі СВК “Варняны”, 3 мільёны 988 тысяч рублёў — вучні і настаўнікі СШ №1, 3 мільёны 587 тысяч — супрацоўнікі цэнтральнай раённай бальніцы, і яшчэ 1 мільён 80 тысяч паступіла з Міхалішкаўскай участковай бальніцы.

1 817 780 рублёў перадалі для Максіма гімназісты і іх выкладчыкі, 1 184 500 рублёў — вучні і настаўнікі Гудагайскай СШ. 2 мільёны 250 тысяч паступіла на дабрачынны рахунак ад супрацоўнікаў раённага выканаўчага камітэта, 2 мільёны 20 тысяч — ад работнікаў дрэваапрацоўчага цэха лясгаса і 700 тысяч рублёў — ад ДЛГУ “Астравецкі лясгас”.

1 мільён 800 тысяч сабралі супрацоўнікі мытнага паста “Каменны Лог”, 600 тысяч рублёў прынеслі з транспартнай інспекцыі “Катлоўка”. 1 мільён 230 тысяч рублёў паступіла на дабрачынны рахунак ад работнікаў вытворчага ўпраўлення “Астравецрайгаз”, 2 мільёны 130 тысяч — ад супрацоўнікаў “Беларусбанка”, 1 мільён 230 тысяч — з раённага аддзела культуры, яшчэ 730 тысяч — ад выкладчыкаў школы мастацтваў і 180 тысяч — ад работнікаў цэнтральнай раённай бібліятэкі. 1 мільён рублёў пералічылі супрацоўнікі кафэ “Смак”, 720 тысяч рублёў — работнікі газеты “Астравецкая праўда”, 220 тысяч — фірма “СтАлВіСт-аўта”, 300 тысяч прынеслі вернікі Жукойненска-Жалядскай парафіі, 350 тысяч — супрацоўнікі “АнаСтасіЯБуд”.

618 тысяч — работнікі “Дырэкцыі будаўніцтва атамнай электрастанцыі”, 250 тысяч паступіла з фізкультурна-спартыўнага клуба, 570 тысяч — з Мальскай базавай школы, 500 тысяч — з райветстанцыі, 200 тысяч — з Міхалішскаўскага сельвыканкама, 850 тысяч — з АЗС №40 Астраўца, 600 тысяч — з інспекцыі па падатках і зборах, 475 тысяч — з “Белтэлекама”, 840 тысяч — з тэрытарыяльнага цэнтра абслугоўвання насельніцтва, 400 тысяч — з цэнтральнай раённай аптэкі, 562 тысячы — з Альхоўскай СШ, 290 тысяч — з ясляў-садка “Дубок”, 200 тысяч — з аддзела статыстыкі, 160 тысяч — са Страчскага дзіцячага садка, ДЦРД №1 — 613500 рублёў.

Акрамя таго, многія людзі прыходзілі асабіста — і ў рэдакцыю, і самастойна пералічвалі сродкі на дабрачынны рахунак, нумар якога кожны тыдзень змяшчалі ў “Астравецкай праўдзе”. Грошы прыносілі дзеці і дарослыя, працуючыя і пенсіянеры, сем’і і маладыя людзі — нехта 10, 20, 50 ці 100 тысяч, а некаторыя сем’і — па мільёну і больш. І кожны, акрамя пасільнай матэрыяльнай дапамогі, прасіў перадаць словы падтрымкі Максіму і яго маме, пажаданні здароўя і шчасця.

Жыхары Астравеччыны сабралі для лячэння Максіма Савельева 53 992 780 рублёў. Канешне, сума недастатковая для набыцця імплантанта — але ж мы былі не адны ў гэтай высакароднай справе! І добрыя людзі жывуць не толькі ў нашым раёне, а і ва ўсёй Беларусі. Таму неабходная сума, якая напачатку здавалася непад’ёмнай, сабралася на дабрачынным рахунку даволі хутка.

Вось толькі ў жыхаркі вёскі Жукойні я вымушана папрасіць прабачэння: на мінулым тыдні немаладая жанчына патэлефанавала ў рэдакцыю і папрасіла ўзяць ахвяраваныя ёю з пенсіі грошы для лячэння Максіма, аднак на той час не было магчымасці, а цяпер ужо неабходная сума сабрана.

І тым не менш, разам з Максімам і яго мамай, разам з прэзідыумам раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын, па прапанове якога быў аб’яўлены збор сродкаў у нашым раёне, мы гаворым усім: дзякуй! Дзякуй вам, добрыя людзі. За ваша шчодрае сэрца, за вашу спагаду да хворага дзіцяці. За тое, што эканамічны крызіс не закрануў вашы душы.

Магчыма, я выкажу крамольную думку, але мне здаецца, што гэтыя ахвяраванні патрэбны не толькі і, можа, не столькі Максіму, а найперш — нам самім. Для таго, каб зразумець, што не ўсё страчана. Што ёсць у жыцці большыя каштоўнасці, чым грошы — якіх, вядома ж, усім і заўсёды не хапае, але ёсць рэчы, якіх не хапае нашмат больш… Урэшце, для таго, каб “людзьмі звацца”. Можа, для таго хлопчыка, што дастаў скарбонку, у якой збіраў грошы на ажыццяўленне запаветнай дзіцячай мары, і аддаў усе свае зберажэнні на лячэнне незнаёмага яму хлопчыка, гэта стане самым галоўным урокам жыцця — урокам дабрыні і спагады, міласэрнасці і велікадушнасці. Гэтак жа, як і для яго бацькоў, якія падтрымалі сына ў гэтым высакародным парыве…

Пацвярджэнне таго — каментарыі на сайце нашай газеты:
“Спадзяюся, што наша агульнае жаданне дапамагчы выратуе Максіма, і ён будзе слухаць спеў птушак. ПАПРАЎЛЯЙСЯ! Дзякуй “Астравецкай” — без вашай публікацыі я б не ведала, што патрэбна дапамога, а сёння і наша сям’я ўнесла невялікі ўклад на лячэнне. Будзем маліцца за яго выздараўленне”.
“Астравецкая праўда” гэтай высакароднай справай аб’яднала многіх нераўнадушных людзей. Дзякуй ёй за гэта! Людзі заўсёды гатовы дапамагчы, проста не заўсёды ведаюць, як. А Максім абавязкова пачуе спеў птушак! Мы ўсе будзем верыць і маліцца за яго.”
…Мама Максіма расказала нам, што ў сваім навагоднім пісьме сын прасіў у Дзеда Мароза не “наварочаную” цацку, не экзатычнае падарожжа, не мабільнік і не камп’ютар. Хлопчык папрасіў, каб чараўнік вярнуў яму слых…

Спадзяемся, што ўдзел у лёсе Максіма соцень нераўнадушных людзей, якія прынялі ўдзел у зборы сродкаў на набыццё імпартнага імплантанта і зараз моляцца за гэтае дзіця і ўсім сэрцам жадаюць яму выздараўлення, дапамогуць хлопчыку пераканацца, што цуды здараюцца. Асабліва калі казачнаму чараўніку дапамагае столькі добрых людзей.
Кожны з якіх пры гэтым таксама становіцца крышачку чараўніком.

Ніна РЫБІК